Брэсцкіх блогераў абавязалі выдаліць з YouTube сюжэт пра будаўніцтва акумулятарнага завода

Такое рашэнне прыняў у панядзелак Эканамічны суд Брэсцкай вобласці падчас разгляду справы аб абароне дзелавой рэпутацыі ТАА “АйПауэр”.

25.06.2018 Грамадства Крыніца: Baj.by Фота: Onlinebrest.by

Гэтая кампанія вядзе будаўніцтва акумулятарнага завода, і выставіла прэтэнзіі мясцовым блогерам – Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну.

Паводле рашэння суда, блогеры павінны будуць заплаціць па 245 рублёў кожны. Акрамя таго, яны павінны выдаліць са свайго Youtube-канала “Народны рэпарцёр” ролік пад назвай “Свінец – Брэсту пісец?”, запісаць прабачэнні і таксама выкласці іх на гэтым канале.

Пазоў у суд на блогераў быў пададзены фірмай “АйПауэр” за самы першы ролік пра будаўніцтва акумулятарнага завода. У заяве гаварылася, што ў відэасюжэце выкладзены звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю ТАА “АйПауэр”. На думку пазоўніка, выказванні блогераў у роліку ўтрымліваюць неабгрунтаваныя абвінавачванні кампаніі ў парушэнні ёю заканадаўства ў галіне экалогіі, забруджвання навакольнага асяроддзя, карупцыі і інш.

“Варта адзначыць, што ў большасці з названых выказванняў аўтары відэароліка не робяць агаворак, што ацэнка дзейнасці ТАА “АйПауэр” носіць суб'ектыўны характар і ўяўляе сабой толькі меркаванне аўтараў, — наадварот, інфармацыя выкладаецца як дакладныя, устаноўленыя факты і прадстаўлена ў форме абвінавачванняў”, — адзначана ў пазове.

Дарэчы, падчас папярэдняга судовага пасяджэння было агучана хадайніцтва пазоўніка зрабіць працэс закрытым, каб забяспечыць канфідэнцыйнасць звестак, якія тычацца інвестыцыйнай дзейнасці ТАА “АйПауэр”. Аднак суд не знайшоў падстаў для задавальнення гэтага хадайніцтва.

Як распавёў Аляксандр Кабанаў, блогеры пакуль не плануюць прасіць прабачэння на сваім youtube-канале і выдаляць згаданае відэа, якое набрала больш за 40 тысяч праглядаў. Яны збіраюцца абскардзіць рашэнне суда.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: «Когда звучит слово «экология», люди безоговорочно начинают верить». В Бресте показали спектакль, посвященный строительству аккумуляторного завода 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.06.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.