Крылатыя нахабнікі, ці Чаму мы самі вінаватыя ў акупацыі гарадоў птушкамі?

Развіццё гарадской прасторы з захопам прыродных тэрыторый вымушаюць жывых істот прыстасоўвацца да новых умоў існавання. Жывёлы пачынаюць рассяляцца па-суседству з чалавекам, крыніцай свайго харчавання, і змяняюць звыклы стыль паводзін – станавіцца больш смелымі і нахабнымі. Камусьці непасрэдная блізасць з прыродай будзе ў задавальненне, іншым жа – гэта прыносіць пакуты і нават фінансавыя страты.

23.08.2017 Жывая прырода 2 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: www.badfon.ru, family.by, classpic.ru

На гарачую лінію ''Зялёны тэлефон'' звярнуліся жанчына з просьбаю падказаць, што рабіць з неймавернай колькасцю галубоў, якіх ненаўмысна падкармлівалі. Цяпер жа птушкі павадзіліся займаць лоджыі і балконы. І ўсё б нічога, вось толькі голубу не патлумачыш, што гадзіць ''у гасцях'' ня трэба. Па словах жанчыны, на птушыны памёт у яе пачала развівацца алергія.

З падбнай праблемай сутыкнуліся жыльцы дома па вуліцы Пушкінскай у Брэсце, пра што пісаў партал Zarya.by. Людзі распавядалі, як нахабныя галубы не толькі засялілі верхнія паверхі 9-ціпавярхоўкі, але і ў літаральным сэнсе сядаюць ім на галаву і б'юцца ў вокны.

Карэспандэнт Зялёнага партала звярнуўся да спецыялістаў грамадскай арганізацыі ''Ахова птушак Бацькаўшчыны'', каб зразумець, як быць: і жывому не нашкодзіць, і сябе пазбавіць ад праблем.

У АПБ звыкла прытрымліваюцца пазіцыі, што птушкі побач – гэта шчасце. Асабліва ў гарадах, дзе чалавек з маленства адарваны ад жывой прыроды, што адбіваецца на яго здароўі і фізічным стане, а таксама на далейшым мадэляванні паводзін. Але спецыялісты не адмаўляюць, што празмерная колькасць гэтых прадстаўнікоў дзікай прыроды сапраўды можа замінаць чалавеку.

''Перш за ўсё, варта памятаць, што людзі самі стварылі прывабныя ўмовы ў горадзе для тых жа гракоў і галубоў, продкі якіх не былі ''прывязаныя'' да чалавека. У птушак ёсць месцы для гнездавання, выдатная кармавая база і значна меньшая колькасць драпежнікаў, чым у дзікай прыродзе'', – падкрэслівае Максім Немчынаў з АПБ.

 

Дарэчы, перасяленне некаторых відаў птушак у гарады, на жаль, негатыўна адбілася і на знешнім наваколлі. Так склалася, што пэўныя драпежнікі прызвычаіліся засяляць гнёзды воранаў, эвалюцыйна страціўшы навык будаваць іх самастойна. Таму сёння многія птушкі знаходзяцца на мяжы знікнення ў дзікай прыродзе, не маючы натуральных месцаў злёту.

Выйсце арнітолагі бачаць простае: змяніць умовы для птушак, зрабіць іх менш спрыяльнымі, а тычыцца гэта, у першую чаргу, кармавой базы

''Перакрыўшы доступ да сметнікаў з харчовымі адходамі і спыніўшы спецыяльна прыкормліваць тых жа галубоў, мы не пазбавімся ад птушак цалкам. Наадварот, такім чынам зможам дасягнуць аптымальнай іх колькасці для камфортнага суіснавання'', – тлумачыць Максім.

Яшчэ адзін спосаб ''адагнаць'' птушыныя зграі ад жылля – трансляцыя аўдыёзапісаў з крыкамі натуральных драпежнікаў для галубоў і гракоў. Але спецыялісты з АПБ запэўніваюць, што гэта ненадзейны і недаўгавечны варыянт. Гарадскія птушкі не дурныя і таксама вучацца.

''Нейкі час яны могуць пахвалявацца, а пасля зразумеюць, што гэта ўсё штучныя маніпулятары, і ніякай небяспекі для іх не існуе'', – кажа Максім.

Што ж тычыцца страху падхапіць ад птушак якую заразу, то з гэтым пытаннем таксама не ўсё так адназначна. Па словах аргнітолага, для гэтага мусяць сыйсціся адразу некалькі фактараў – вельмі шчыльны кантакт чалавека з птушкамі і паслаблены імунітэт.

''Па афіцыйных дадзеных органаў санітарна-эпідэміялагічнага кантролю Беларусі, пакуль не зафіксавана ніводнага выпадку перадачы захворвання ад птушкі чалавеку'', – зазначае прадстаўнік АПБ.

Ды й птушыны памёт можа перастаць быць такой праблемай, калі прадумаць інжынерныя бар'еры – казыркі і налічнікі, якія перашкодзяць крылатым садзіцца на вокны, балконы і г.д.

Такім чынам, асаблівай небяспекі гараджанам птушкі не прадстаўляюць, хутчэй з'яўляюцца індыкатарамі гарадскіх праблем. Але калі чалавек надумае весці вайну з галубамі, гракамі, крумкачамі і чайкамі, то, вядома, пераможа.

У сваю чаргу спецыялісты Аховы птушак Бацькаўшчыны заклікаюць перш на перш падтрымліваць баланс у навакольным асяроддзі і шукаць натуральныя механізмы рэгулявання колькасці жывых істот.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 23.08.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.