«Качак шкада!» У абвадны канал Брэсцкай крэпасці скідваюць мазуту (фота)

У рэдакцыю Брэсцкага Зялёнага партала звярнулася мясцовая жыхарка:  "У нас бяда. У абвадны канал мазута цячэ. Вось зноў... Качак шкада". 

19.10.2018 Экалогія горада Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Архіў гераіні

Пакуль невядома, хто скідае шкодныя рэчывы, але жанчына збіраецца шукаць віноўных. 

"Такая сітуацыя здараецца не першы раз, можа ўжо год час ад часу ў вадзе бачна мазута. Спачатку было падазрэнне на «Беларусьнафту», але з таго месца яны з'ехалі, а злівы паўтараюцца. Найбліжэйшае, што там ёсць — гаражныя каператывы і прадпрыемства «Эледзі-Груп»", — кажа Вольга.

Масцовая жыхарка будзе звяртацца ў Брэсцкі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы наваколля. Тым больш, што на руках у яе ёсць фотафакты забруджвання розных перыядаў.

На гарачай лініі "Зялёны тэлефон" нашаму карэспандэнту расказалі, што зліў адходаў у водныя аб'екты з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. І згодна з артыкулам 15.51 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях віноўны ў забруджанні паверхневых ці падземных вод (частка 1) можа атрымаць штраф у памеры ад 4 да 20 базавых велечынь, індывідуальны прадпрымальнік — да 100 і юрыдычная асоба да 500 базавых.

Калі ж такога кшталту парушэнне тычыцца гаспадарчай ці іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах ці прыбярэжных палосах (частка 2) штраф будзе ў меншым памеры — да 10 базавых велечынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 30 і юрыдычных асоб — да 50 базавых.

"Можна звяртацца ў Дзяржаўную існпекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце РБ, у мясцовы санітарны нагляд і камітэт Мінпрыроды. Каб прыкласці фотаздымкі, лепей падаваць пісьмовую заяву. Аднак з улікам, што забруджанне шкоднае, трэба тэрмінова тэлефанаваць на гарачую лінію Дзяржінспекцыі, каб яны рэагавалі ўжо цяпер", — раяць аператаркі Зялёнага тэлефона.

Вольга спадзяецца, што ўдасца знайсці вінаватых і прыцягнуць да адказнасці, а таксама прымусіць справіць сітуацыю, ад якой, у прыватнасці, пакутуюць вадаплаваючыя птушкі.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 19.10.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.